реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Беларусь


10 красавіка на «Беларусь 5» стартуе цыкл дакументальных фільмаў «Легенды сусветнага спорту». Стужкі, знятыя вытворцамі з розных краін свету і перакладзеныя Белтэлерадыёкампаніяй на беларускую мову, раскажуць пра таленавітых атлетаў, каманды і клубы, якія неаднаразова дасягалі выдатных вынікаў на міжнароднай арэне і сталі значнымі фігурамі ў свеце спорту.

Пераможцы Алімпійскіх гульняў, шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы, трыумфатары найбуйнейшых турніраў. Майкл Фелпс, Роджэр Федэрэр, Усейн Болт, Крышціяну Раналду, Ліянэль Месі і іншыя сёння не маюць патрэбы ў прадстаўленні. Адданыя заўзятары ва ўсім свеце ведаюць пра іх дасягненні, рэкорды і ўзнагароды.

Праект «Легенды сусветнага спорту» закліканы расказаць тэлегледачам пра першыя поспехi, узмоцненыя трэніроўкi, неймаверную сілу волі і цярністыя шляхi да залатых медалёў і жаданых кубкаў. Акцэнт у фільмах робіцца на невядомых момантах, эпізодах і фактах з жыцця знакамiтых атлетаў.

Аўтары дакументальнага цыкла звяртаюцца да архіўных і біяграфічных звестак, інтэрв'ю, каментарыяў спецыялістаў з мэтай даць тэлегледачам больш дэталёвы і насычаны партрэт таго ці іншага атлета, каманды або клуба. Напрыклад, мала хто ведае ці памятае, што з 51 матчу, праведзеных Майкам Тайсанам на прафесійным рынгу, 21 ён скончыў накаўтам у першым раўндзе.

Творчая група тэлеканала «Беларусь 5» адабрала з цыклу «Легенды сусветнага спорту» самыя цікавыя гісторыі, пераклала iх на беларускую мову і адаптавала для айчыннай аўдыторыі. Варта адзначыць, што некаторыя выпускі будуць прысвечаны і беларускім спартсменам. Голасам праекта стаў самы вядомы спартыўны каментатар Белтэлерадыёкампаніі і ўсяго айчыннага тэлебачання Уладзімір Навіцкі.

«Легенды сусветнага спорту» будзе выходзіць па аўторках у 21.00 і па чацвяргах у 21.30.