реклама
реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Тэлеканал “Беларусь 3” не забываецца на юбілейныя і памятныя даты, важныя для захавання культурнага коду нацыі, памяці пра багатую мастацкую спадчыну нашай краіны.

31 студзеня ў 19.30 гледачы сацыякультурнага канала змогуць убачыць чарговы выпуск аўтарскага праекта Алега Лукашэвіча “Сучаснае мастацтва Беларусі”. Новы фільм будзе прысвечаны народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву, які 5 лютага адзначыць сваё 95-годдзе. Стваральнікам стужкі не ўдалося ў архівах знайсці ніводнага фільма пра Шчамялёва, дзе каментар да карцін даваў бы сам мастак, і яны вырашылі выправіць гэтую несправядлівую памылку. Адным з першых фільм пра Леаніда Дзмітрыевіча паглядзеў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак. Ён высока ацаніў падбор работ жывапісца, аператарскую працу, якая, на яго думку, не толькі адлюстравала яркія фрагменты самых характэрных карцін аўтара, але і з любоўю паказала майстэрню мастака і самога героя, а таксама музычнае афармленне (у фільме скарыстаная музыка Іагана Себасцьяна Баха і Вольфганга Амадэя Моцарта).

1 лютага споўнілася б 80 год беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Нэлі Тулупавай. У гэты дзень праграма “Святло далёкай зоркі” ў 23.00 будзе прысвечана аўтару больш дзесяці зборнікаў паэзіі і кніг для дзяцей. У свой час яна працавала дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання, рэдактарам выдавецтва, загадчыкам рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, а сёння працягваюць жыць яе песні, пакладзеныя на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі: Юрыем Семянякам, Ігарам Лучанком, Эдуардам Зарыцкім, Уладзімірам Буднікам і іншымі.

Дзякуючы аўтару фільма Аляксандру Дамарацкаму гледачы змогуць убачыць прыжыццёвы відэазапіс з удзелам Нэлі Тулупавай, пачуць яе голас, пазнаёміцца з яе няпростым лёсам – ад вясковага фельдчара да вядомай пісьменніцы, ад шчаслівай жанчыны-маці да манахіні Неанілы…  

4 лютага беларусы будуць адзначаць 210-годдзе самага вядомага айчыннага драматурга – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У 21.05 пра жыццёвы лёс і творчасць знакамітага пісьменніка ХІХ стагоддзя раскажа праект “Запіскі на палях”, які пакажа класіка, вядомага са старонак падручнікаў, звычайным чалавекам са сваімі сямейнымі праблемамі і творчымі клопатамі.

Адразу пасля гэтай праграмы ў 21.30 “Беларусь 3” прапануе гледачам спектакль Палескага драматычнага тэатра “Пінская шляхта” па аднайменнай п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дарэчы, гэтая пастаноўка тэатра з Пінску атрымала дыплом “За лепшы спектакль на беларускай мове”, а таксама права на тэлевізійны запіс спектакля ад Белтэлерадыёкампаніі і тэлеканала “Беларусь 3” як спецыяльную ўзнагароду IV Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

-18%
-10%
-12%
-55%
-10%
-15%
-15%
-10%