реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Тэлеканал “Беларусь 3” запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя таленавітага паэта і грамадскага дзеяча, генія вялікай і малой прозы – Якуба Коласа. 3 лістапада эфір сацыякультурнага канала цалкам будзе аддадзены паэту.

Пра дзяцінства Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (сапраўднае імя Якуба Коласа) вядома з паэмы “Новая зямля”, пра маладосць і настаўніцкія будні – з трылогіі “На ростанях”, пра сталасць і мудрасць пісьменніка згадвалі яго сучаснікі, паплечнікі па пяру, якія і да гэтага часу разам з маладымі аўтарамі прысвячаюць класіку свае творы і навуковыя працы.

Тэлеканал “Беларусь 3” таксама прапаноўвае ўзгадаць пра жыццё і творчасць паэта ў дзень яго нараджэння.

Ужо традыцыйным стаў праект, у якім вершы юбіляра ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала выконваюць артысты тэатра і кіно. На гэты раз відэаролікі пад агульнай назвай “Мой Колас” прадэманструюць непарыўную сувязь пакаленняў, якую наладжвае творчая спадчына пісьменніка, і яго творы прачытаюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і маладыя артысты.

Святочны эфір у 8.25 распачне мастацкі фільм “Першыя выпрабаванні” (Беларусьфільм, 1960) па матывах аднаго з самых вядомых твораў Якуба Коласа “На ростанях”, у якім правобразам галоўнага героя настаўніка Андрэя Лабановіча з’яўляецца сам аўтар. Падчас прагляду стужкі гледачы змогуць скарыстацца скрытымі субцітрамі.

Па заканчэнні фільма праграма “Сіла веры” прапануе адправіцца ў тыя мясціны, дзе адбылося вянчанне і хрышчэнне будучага Песняра. Праект адкажа на пытанне, што зараз адбываецца з гэтымі культавымі пабудовамі.

Новы выпуск праграмы “Майстры і куміры” на гэты раз будзе таксама прысвечаны Якубу Коласу. У гасці да вядучай праекта Марыны Драгінай завітаюць сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч і ўнучка Марыя Міцкевіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяпісу пісьменніка можна будзе ўбачыць з каментарыямі нашчадкаў у 12.00.

У 12.55 і 21.35 “Беларусь 3” прапануе гледачам шматсерыйную кінастужку “Талаш” (Беларусьфільм, 2011) са скрытымі субцітрамі. Падзеі фільма паводле аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” адбываюцца ў канцы 1919 года. Васілю Талашу было далёка за семдзесят, калі бяда разам з грамадзянскай вайной прыйшла ў яго сям’ю. Дзед Талаш узяў у рукі зброю не з палітычных перакананняў: яго роднаму сыну пагражала небяспека, і толькі ён мог яму дапамагчы. У безвыходным становішчы, калі дзіця трапіла ў рукі палякаў, бацька накіраваўся шукаць падтрымкі ў бальшавікоў…

У 16.25 “Беларусь 3” пакажа канцэрт “Купала і Колас. Вы нас гадавалі” заслужанага калектыва “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга, запісаны Белтэлерадыёкампаніяй на фестывалі “Маладзечна-2017”.

Спектакль “Сымон-музыка” (Белтэлерадыёкампанія, 2015) Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы сацыякультурны канал прадставіць увазе гледачоў у 17.50. “Беларусь 3” прапануе разам з героямі аднайменнай паэмы Якуба Коласа пашукаць месца творцы ў грамадстве.

Далей гледачы паспрабуюць расчытаць “Запіскі на палях” (Белтэлерадыёкампанія, 2017). У 21.05 чарговая серыя дакументальнага цыклу будзе прысвечана 135-годдзю Песняра, і з ёй таксама можна пазнаёміцца з дапамогай скрытых субцітраў. 

Увесь дзень, 3 лістапада, тэлеканал “Беларусь 3” запрашае пагартаць старонкі жыццяпісу Якуба Коласа і ўзгадаць яго неўміручыя творы.

 

-25%
-99%
-10%
-15%
-15%
-40%
-12%
-70%
-50%
-30%