реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Прадстаўляем вашай увазе анонсы фільмаў і праграм на тэлеканале "Беларусь 3" з 19 па 25 жніўня 2013 года.

ПАНЯДЗЕЛАК, 19 ЖНІЎНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ГУЛЕЦ, НАПАДНІК, КУТНІ ЎДАР - КАЛЯФУТБОЛЬНАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ ПА-БЕЛАРУСКУ”. 9.13
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як гучыць каляфутбольная тэрміналогія па-беларуску, чаму беларусы не толькі “не паляць з гарматы па вераб’ях”, але і “за камаром не гоняцца з тапаром”? Якая роля адводзілася печы ў хаце беларусаў?

"ЛЕТНІЯ ЎРАЖАННІ АБ ПЛАНЕЦЕ Z" 10.00
Прыгодніцкі фільм, "Беларусьфільм", 1986 г.

Рэжысёр: Яўген Маркоўскі. У ролях: Жэня Туміловіч, Коля Маркоўскі, Арнас Кацінас, Гедрус Пускунігіс, Сяргей Шакураў, Дзмітрый Харацьян, Дзмітрый Язэпаў, Галіна Макарава, Канстанцін Рэмішэўскі

Па матывах дзіцячай фантастычнай аповесці Юрыя Томіна "Каруселі над горадам".

Гэтая гісторыя, у якой праўда ўсё, акрамя выдумкі, адбылася ў маленькім гарадку Кулемінску. Героямі кулемінскага здарэння сталі настаўнік фізікі Аляксей Паўлавіч Мухін, яго вучань Барыс Кулікоў і прышэлец - хлопчык Фелікс, дасланы на Зямлю іншапланецянамі для выканання невядомых мэтаў. Фелікс трапляе ў час летніх канікул у дзіцячы спартыўны лагер. Свае ўражанні пра жыццё на Зямлі ён перадае ў космас. Гэта аповед пра новых сяброў - дзяцей і дарослых, пра сяброўства, узаемадапамогу і смешныя непаразуменні, у якія трапляе іншапланецянін на незнаёмай планеце.

"СТАРАЖЫТНАЕ СЛОВА. ЛЁС МІХАІЛА ГРАБОЎСКАГА" 14.54
Дакументальны фільм, "Беларусьфільм", 2011 г.

Рэжысёр: Юрый Цімафееў

Фільм адкрывае выбітную постаць гісторыі культуры Беларусі першай паловы XIX стагоддзя Міхаіла Баброўскага. Доктар тэалогіі і прафесар Віленскага ўніверсітэта, ідэйны настаўнік філаматаў і філарэтаў, буйны вучоны-славіст і святар, ён прысвяціў сябе захаванню і зберажэнню старажытнай культуры беларусаў і ўсяго славянства. Адкрыў знакаміты Супрасльскі кодэкс, самы старажытны кніжны помнік на нашых землях, які сёння ўнесены ў спіс Памяці свету ЮНЕСКА, таксама Супрасльскі летапіс і Кіеўскі псалтыр. У 1835 годзе выдаў на роднай мове Катэхізіс для рымска-каталіцкіх юнакоў. Гэта была першая з нешматлікіх у XIX cтагоддзі кніг на беларускай мове. Але жыццёвы лёс і навуковы шлях знаўцы семнаццаці моў, члена прэстыжных Археалагічнай акадэміі ў Рыме, Парыжскага і Лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце быў драматычным. Звольнены з Віленскага ўніверсітэта, ён апынуўся ў своеасаблівай ссылцы ў Жыровіцкім манастыры. Апошнія 15 гадоў жыцця Міхал Баброўскі служыў звычайным праваслаўным святаром у вёсцы Шарашова Пружанскага раёна, дзе і пахаваны.

"ПЁТР КОНЮХ" 19.58
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2008 г.

Рэжысер: Анатоль Алай

Кінааповед пра лёс беларускага спевака Пятра Васільевіча Конюха (1910—1994). Яго знакамітаму басу апладыраваў увесь свет – саліст хору данскіх казакоў, з якім злучана дваццаць сем гадоў творчага жыцця, выступаў у многіх краінах свету. Шлях простага беларускага хлопца з вёскі Турых Карэліцкага раёна да вяршынь славы быў няпростым. У ваенныя гады ваяваў з фашыстамі ў шэрагах польскага корпуса генерала Андэрса, браў удзел у знакамітай бітве пад Монтэ Касізна. Найвысокую музычную адукацыю атрымаў у Рымскай акадэміі мастацтваў. Потым жыў у ЗША і Канадзе. Таму імя знакамітага спевака мала знаёма на радзіме. Сваіх дзяцей ён змог убачыць толькі праз трыццаць пасляваенных гадоў.

АЎТОРАК, 20 ЖНІЎНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ЯК ПРАВІЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ?” 8.45
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ, пры якіх абставінах беларус прамовіць “Вярзеш грушы на вярбе”, і што такое выцінанка.

СЕРАДА, 21 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ЯК ПРАВІЛЬНА НАПІСАЦЬ: ПА ЖАДАННЮ, ЦІ ПА-ЖАДАННІ?” 8.54
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна напісаць: ПА ЖАДАННЮ, ці ўсё ж ПА ЖАДАННІ, у якім выпадку беларусы кажуць “Далася ў знакі”, і дзе ў сялянскай хаце знаходзіцца чырвоны кут?’

“ВОСЕНЬСКІ ПАДАРУНАК ФЕЙ” 9.59
Казка, "Беларусьфільм / ТА “Тэлефільм", 1984 г.

Рэжысёр: Уладзімір Бычкоў. У ролях: Валянцін Нікулін, Марыя Сурына, Віталь Катавіцкі, Анатоль Равіковіч, Яўген Сцяблоў, Барыслаў Брандукоў, Кацярына Васільева, Вольга Бяляўская, Лія Ахеджакава

Фільм-казка па матывах казак і гісторый Ганса-Хрысціяна Андэрсэна.

Добрая, але недальнабачная Фея Шчасця, насуперак перасцярогам больш вопытнай Феі Смутку, падарыла юнай Фрэкен чароўныя галёшы, здольныя выконваць усе жаданні гаспадара. Дзядуля Фрэкен, Стары Майстар, разумеючы, якая гэта небяспечная рэч, схаваў галёшы. Унучка горка плакала і жалілася ўсім, што ў яе адабралі дарагі падарунак. Так аб незвычайных галёшах даведаліся ўсе ў горадзе. Каралеўскія міністры вырашылі выкарыстаць падарунак феі ў сваіх славалюбівых інтарэсах. Воляю абставінаў галёшы трапляюць да самых розных людзей, выконваюць усе іх жаданні, але шчаслівымі іх не робяць - з-за ляноты, чэрствасці і азлобленасці іх сэрцаў ...

Як часта мы, людзі, хочам і жадаем таго, чаго не выпакутавалі, чаго не вартыя. А такое шчасце не прыносіць ні радасці, ні дабра, ні задавальнення - сцвярджае вялікі казачнік, а ўслед за ім і аўтары карціны.

“ПАРОМ” 19.22
Драма, ТА “Тэлефільм”, 1988 г.

Рэжысёр: Уладзімір Бокун. У ролях: Вераніка Ізотава, Мікалай Кавалёў, Юрый Казючыц, Валерый Філатаў, Аляксандр Суцковер

Экранізацыя апавядання У. Караткевіча "Паром на бурнай рацэ", у якім адлюстраваны падзеі 1863-1864 гадоў.

Жонка паўстанца Усяслава Грынкевіча вязе асуджанаму на смерць мужу загад аб памілаванні, падпісаны яго "сіяцельствам" графам Мураўёвым. Расстрэл кіраўніка атрада інсургентаў замяняўся пажыццёвай катаргай. Цяпер, каб выратаваць каханага, засталося толькі пераправіцца паромам праз Дняпро. Але пачалася страшэнная навальніца, якую ў народзе называюць "вераб'іная ноч", а пераправу ахоўвалі царскія жаўнеры...

ЧАЦВЕР, 22 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ВЫНАХОДКІ, ВЫНАХОДСТВА І ВЫНАХОДНІЦТВА” 8.42
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, чым адрозніваюцца ВЫНАХОДКІ, ВЫНАХОДСТВА і ВЫНАХОДНІЦТВА, што азначае выраз “Старцам жыць і з перцам есці”, а таксама паразважаеце аб мадэлі сусвету – беларускай хаце.

“МЫ - ХЛОПЦЫ ЖЫВУЧЫЯ” 9.57
Дзіцячы прыгодніцкі фільм, "Белтэлефільм", 1974 г.

Рэжысёр: Уладзімір Станкевіч. У ролях: Сярожа Петрыкаў, Сярожа Ягораў, Вова Станкевіч, Оля Дзямідава, Стэфанія Станюта, Валянцін Белахвосцік, Лілія Давідовіч, Валянцін Букін

Па аднайменнай аповесці беларускага дзіцячага пісьменніка Івана Сяркова.

Заканчваецца вайна. У вызваленай ад немцаў беларускай вёсцы Пакалюбічы засталіся адны жанчыны ды старыя, таму падлеткам даводзіцца нароўні з дарослымі і выбіраць з зямлі мерзлую бульбу, і сеяць, і касіць. Але галоўных герояў фільма Саньку і Івана пастаянна цягне на подзвігі. Хлопцы абследуюць навакольныя лясы ў пошуках ваенных трафеяў. Аднойчы яны выпадкова натыкаюцца на жарабя і прыводзяць яго ў вёску. Каб дапамагчы бабцы Івана малоць муку, Санька і Іван вырашаюць самастойна зрабіць жорны - самаробны млын. А калі па вёсцы пайшлі чуткі, што ў лесе хаваецца нейкі "ваўкалак", Санька і Іван вырашаюць абавязкова яго злавіць і так праславіцца. Добра, што ім на дапамогу своечасова прыходзіць участковы Іван Колдоба. Тым ваўкалакам апынуўся ўзброены нямецкім аўтаматам былы паліцай Афонька ...

"ЖЫЦЦЁ - ГУЛЬНЯ" 12.13
Кінаальманах камедыйных фільмаў, “Беларусьфільм", 2000 г.

Рэжысёры: Валерыя Ляскоўская, Рэната Грыцкова, Антон Войніч, Іван Паўлаў, Віктар Янчанка. У ролях: Вольга Сізова, Вячаслаў Аркуноў, Юрый Бабурын, Віталь Радзько, Віктар Манаеў, Пётр Юрчанкоў, Ірына Рымарава-Шапо, Андрэй Бубашкін, Іван Паўлаў, Яўген Лявонцьеў, Аляксандр Бяспалы

Кінаальманах камедыйных кароткаметражных фільмаў. У зборнік увайшлі дыпломныя работы маладых беларускіх кінематаграфістаў.

1. "ЖЫЦЦЁ - ГУЛЬНЯ". Гісторыя пра тое, як муж, які не ў час вярнуўся дадому, знайшоў у пакоі жонкі спачатку аднаго яе палюбоўніка, а потым і другога - у шафе. Але замест сцэн рэўнасці ашуканы муж запрасіў няслушную жонку на развітальную вячэру ў шыкоўны рэстаран.

2. "БОГ". Па казках Я. Замяціна і Д. Хармса пра тое, як сціплы паштальён Мізюмін, моцна заклапочаны будучай жаніцьбай з высакароднай дзяўчынай, пасябраваў са сваім запечным тараканам Сенькай, бунтаўшчыком, карцёжнікам і вялікім аматарам "тараканіх".

3. "КАХАННЕ". Па матывах аднайменнага апавядання Юрыя Алешы. Герой фільма, малады закаханы паэт Валодзя Шувалаў, сустракае ў садзе дзіўнага незнаёмца, дальтоніка, для якога, напрыклад, усе грушы - сінія. Пасля размовы з гэтым незвычайным чалавекам Валодзя раптам выяўляе ў сабе ўменне матэрыялізаваць уласныя жаданні.

4. "ПЕЧ". Гісторыя пра неверагодныя прыгоды чатырох мужыкоў - мастака Макара, яго сябра Імануіла Карлавіча Шміта, ці проста Ямелі, начальніка мясцовай камунальнай канторы Івана Іванавіча Безіка і яго намесніка Міхаіла Юр'евіча Савіцкага па мянушцы "Мішка Лермантаў". Яны сабраліся аднавіць згарэлую печ Макара і падлічыць выдаткі. Атрымалася - 10 бутэлек ...

ПЯТНІЦА, 23 ЖНІЎНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. БОЛЬШАЯ І МЕНШАЯ ПАЛАВІНА. ЯК СТАВІЦЦА ДА ТАКІХ СПАЛУЧЭННЯЎ?” 8.41
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна ставіцца да спалучэнняў БОЛЬШАЯ І МЕНШАЯ ПАЛАВІНА, што азначае выраз “Цікаўны кот у калодзеж упаў”, і паразважаеце пра тое, як называць беларускую гаспадарку: сяліба ці сядзіба.

"БЕЛАЕ ВОЗЕРА" 9.59
Сацыяльная меладрама, "Беларусьфільм", 1992 г.

Рэжысёр: Леанід Мартынюк. У ролях: Пётр Юрчанкоў, Лідзія Мардачова, Яўген Нікіцін, Аляксандр Зімін, Анатоль Кацянёў, Алёша Рудэрман, Марыя Ліпкіна

У цэнтры сюжэту - лёсы двух маленькіх адзінокіх падлеткаў: дзетдомаўца Дзяніса і бяздомнай дзяўчынкі Розы. Апынуўшыся на вуліцы, дзеці пачынаюць клапаціцца адзін пра аднаго, нібы брат і сястра ў сапраўднай сям'і. Цяпер разам ім нічога не страшна: ні голад, ні начоўкі ў халодных пад'ездах, ні прывады ў міліцыю, ні нядобрыя дарослыя, якія спрабуюць прымусіць іх працаваць на сябе. Дзяніс распавядае Розе пра сваю самую запаветную мару - зноў пабываць на выдатным Белым возеры, побач з якім ён жыў некалі разам з дзядулем. Ён пераконвае дзяўчынку адправіцца на пошукі гэтага цудоўнага возера, дзе, ён упэўнены, іх чакае новае шчаслівае жыццё ...

Галоўны прыз дзіцячага журы Міжнароднага кінафестывалю ў Каўнасе (1992).

“У ПОШУКАХ НОВАЙ ЗЯМЛІ” 18.45
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2011 г.

Рэжысёр: Яўген Сяцько

Фільм пра народнага пясняра, талент якога ўзгадаваны паэтычнай наднёманскай зямлёй. Пачынаючы з песень аб народнай нядолі, Якуб Колас выйшаў на пуцявіну спасціжэння беларускага свету творамі высокага мастацкага і філасофскага зместу. Гэта найперш паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, якія сталі непераўзыдзенымі класічнымі ўзорамі беларускай і сусветнай літаратуры. У фільме асэнсаваны шлях песняра да вышынь увасаблення народнага духу, шлях няпросты, як няпростым быў пераломны час на зломе стагоддзяў і ў першай палове драматычнага XX стагоддзя, паказаны мясціны, звязаныя з жыццёвымі дарогамі паэта. Асэнсаванне постаці вялікага песняра і велічы зробленага ім ажыццёўлена з сучасных пазіцый, з вышыні сённяшняга разумення жыцця і творчасці паэта.

СУБОТА, 24 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ПАЛАВІНКАВЫ, РАСПЛЫВІСТЫ, СТУПЕНЕВЫ - ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ПРЫМЕТНІКАВЫЯ ЎТВАРЭННІ” 9.37
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, калі правільна ўжываць словы: ПАЛАВІНКАВЫ, РАСПЛЫВІСТЫ, СТУПЕНЕВЫ, чаму беларусы “не выбіралі дзяўчыну ў свята, а каня ў дождж”, і якая роля адводзілася печы ў хаце беларусаў?

“ЯНКА МАЎР. КАПІТАН ДЗІЦЯЧЫХ МАРАЎ” 9.43
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2013 г.

Аўтар сцэнарыя і рэжысер: Андрэй Леўчык

Галоўнае для пісьменніка - гэта, безумоўна, яго кнігі. У іх ён можа адкрыта выказаць свае пачуцці і фантазіі. А фантазіі заснавальніка прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанру беларускай прозы Янкі Маўра былі сапраўды бязмежнымі. Праз кнігі ён перадаў і падзяліўся з чытачамі сваім выдатным унутраным светам.

Свет яго кніг напоўнены яркімі чалавечымі характарамі, поўнымі гуманізму, мужнасці і высакароднасці. З імі заўсёды цікава знаёміцца.

Яго першая аповесць "Чалавек ідзе", выдадзеная ў 1927 годзе, расказвае пра першабытных людзей. Яна задумвалася спачатку як адмысловы навучальны дапаможнік, які расказвае пра дагістарычныя часы. Пасля поспеху аповесці пісьменнік працягнуў працаваць у жанры дзіцячай прыгодніцкай і навукова-пазнавальнай літаратуры, фактычна стаўшы заснавальнікам гэтага кірунку ў беларускай літаратуры. У 1928 годзе выходзяць дзве прыгодніцкія аповесці "У краіне райскай птушкі" і "Сын вады". У 1930 годзе Янка Маўр публікуе раман "Амок", што з'явіўся водгукам на падзеі паўстання на востраве Ява ў 1926 годзе. Вялікім поспехам у юных чытачоў карысталіся яго аповесці "Палескія рабінзоны", пра прыгоды двух хлопчыкаў у глухім Палессі, і "ТВТ", у якой з гумарам расказваецца пра штодзённыя справы школьнікаў.

“ВЕЖЫ НАВАГРАДКА” 16.05
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2009 г.

Рэжысёр: Ірына Волах

Фільм аб горадзе, які лічыцца другой (пасля Полацка) гістарычнай сталіцай Беларусі, з багатай гісторыей, у некаторых момантах лёсавызначальнай. Навагрудак - пачатак сярэднявечнай беларускай дзяржаўнасці - Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Навагрудскі замак сёння з'яўляецца сімвалам беларускай даўніны, як і ўвесь горад, яго цудоўныя помнікі архітэктуры. Гэта радзіма класіка польскай літаратуры, нашага славутага земляка Адама Міцкевіча.

“ЖЫЦЦЁ ЛЕАНАРДА ДА ВІНЧЫ” 17.37
Гісторыка-біяграфічная драма, Італія-Іспанія, 1971 г.

Рэжысёр Рэната Кастэлані. У ролях: Філіп Леруа, Джуліо Базэцці, Ан Адэса, Глаўко Анарата, Піліпа Шэлца, Карлуш дзі Карвалью, Марыо Молі, Райад Гхолмі, Рэнца Росі, Джэймс Вернер

Леанарда да Вінчы (1452 - 1519), увасабленне ўніверсальнага чалавека - ідэалу эпохі Адраджэння. Вялікі мастак і навуковец, надзелены ўнікальным дарам - быць першаадкрывальнікам у мастацтве і навуцы. Яго "Тайная вячэра" і "Джаконда" - жамчужыны сусветнага жывапісу, якія дзівяць сваёй дасканаласцю, веліччу і адухоўленасцю. Яго даследаванні ў медыцыне, матэматыцы, фізіцы, прыродазнаўстве, ваенна-інжынернай справе апярэдзілі свой час на некалькі стагоддзяў. Ён практычна апярэдзіў стварэнне мноства тэхнічных вынаходак - ад падводных лодак да аэрапланаў. Ён стаў легендай яшчэ пры жыцці. Але захапленне і зайздрасць заўсёды ідуць побач. Леанарда лічылі геніем, тытанам, чарадзеем, д'яблам...

Выдатны італьянскі рэжысёр Рэната Кастэлані старанна аднавіў увесь жыццёвы шлях Леанарда, распавёўшы аб яго туляннях, запале, творах, адкрыццях.

Прэмія "Залаты глобус" за лепшы ТВ-серыял (ЗША, 1973 г.)
Намінацыя на Прайм-тайм прэмію "Эмі" у катэгорыях: "Лепшая драма", "Лепшы акцёр" (Філіп Леруа) (ЗША, 1973 г.).


“ДЖЫНДЖЭР І ФРЭД” 22.26
Драма, Італія-Францыя-Германія (ФРГ), 1985 г.

Рэжысёр: Федэрыка Феліні. У ролях: Джульета Мазіна, Марчэла Мастраяні, Франка Фабрыцы, Фрыдрых фон Ледэбур, Аўгуста Падэрозі, Марцін Марыя Блаў, Жак Анры Ларціг

Трыццаць гадоў таму іх імёны ведала ўся Італія. Яны капіравалі танцавальны стыль легендарных Джынджэр Роджэрс і Фрэда Астэра. Да сярэдзіны 80-х аб італьянскіх Джынджэр і Фрэд амаль забыліся. І вось нейкі рэжысёр каляднага тэлешоу загарэўся ідэяй - зрабіць "нешта" з удзелам былых зорак кабарэ і эстрады.

Іх сустрэча становіцца нагодай не толькі ўзгадаць маладосць, але і пераасэнсаваць мінулае, зразумеўшы ў ім тое, што трэба было зразумець яшчэ тады, і, нарэшце, канчаткова пагаварыць адзін з адным з дапамогай танца ...

Карціна заваявала 13 прызоў, 16 намінацый, сярод якіх:

Намінацыі на прэмію Брытанскай кінаакадэміі BAFTA і прэмію “Залаты глобус” у катэгорыі: "Лепшы замежны фільм", 1987 г.
Італьянская прэмія “David di Donatello” у катэгорыях: "Лепшы акцёр" (Марчэла Мастраяні), "Лепшыя касцюмы", "Лепшая музыка ", 1986 г.
Прэмія Італьянскага нацыянальнага сіндыката кінажурналістаў "Сярэбраная стужка" у катэгорыях: “Лепшы акцёр” (Марчэла Мастраяні), “Лепшая актрыса” (Джульета Мазіна), “Лепшы дызайн касцюмаў”, “Лепшая праца мастака”, 1986 г.
Гран-пры Маскоўскага кінафестывалю, 1986 г.


НЯДЗЕЛЯ, 25 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ. ЯК ПРАВІЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: АБВЕСЦІЛІ ЦІ ЎСЁ Ж АБВЯСЦІЛІ?” 9.28
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: АБВЕСЦІЛІ ці АБВЯСЦІЛІ? Адкуль з’явілася чарговая народная замова “Навіна навіначка, мядзвежая сілачка, зайца ў паварот, ягадку ў рот” і колькі вокнаў у беларускай хаце?

"СВЕТ КАРАТКЕВІЧА" 16.36
Дакументальны фільм, "Беларусьфільм", 2010 г.

Рэжысёр: Яўген Сяцько

Уладзімір Караткевіч (1930 - 1984) ... Нязгаслая зорка першай велічыні на літаратурным небасхіле. Час толькі дадае значнасці яго творам ("Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Каласы пад сярпом тваім", "Чорны замак Альшанскі", "Дзікае паляванне караля Стаха"), яго постаці як мэтра беларускага адраджэння.

Мала каму дадзена было Госпадам увасобіць сімвал Беларусі. Перш за ўсё ўспамінаецца зубр, апеты Міколай Гусоўскім у "Песні пра зубра". Ва Уладзіміра Караткевіча гэта "Зямля пад белымі крыламі", на здзіўленне просты, але глыбінны і адначасова пяшчотны вобраз Беларусі. Ён жыў на гэтай зямлі, ён жыў Беларуссю. Ён ёсць і сёння ў нашым бурным жыцці – у сваіх кнігах, фільмах па яго творах, ва ўспамінах сучаснікаў. Ён будзе заўсёды ...

Фільм прымеркаваны да 80-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка.

“МІХАІЛ ПТАШУК” 17.02
Хранікальна-дакументальны фільм, "Беларусьфільм", 2004 г.

Рэжысёр: Віктар Аслюк

Фільм прысвечаны памяці вядомага беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Рэспублікі Беларусь, Лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола (1980), Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Міхаіла Пташука (1943-2002), пастаноўшчыка фільмаў "Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту", "Знак бяды", "Наш бронецягнік", "Кааператыў" Палітбюро","Гульня ўяўлення","У жніўні 44-га", якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і савецкага кінематографа.

Асновай дакументальнай стужкі з'яўляюцца аўтабіяграфічныя ўспаміны М. Пташука, якія дапамагаюць зразумець тыя матывы, якімі кіраваўся рэжысёр, выбіраючы той ці іншы матэрыял для свайго наступнага фільма, зразумець яго светапогляд і вызначыць жыццёвыя прынцыпы.

Прыз V-га нацыянальнага фестывалю беларускіх фільмаў у Брэсце "За лепшае кинаэссэ" (2005 г.).

“СКУЛЬПТАР” 18.01
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2008 г.

Рэжысёр: Сяргей Гайдук

Фільм пра вядомага беларускага скульптара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Анатоля Арцімовіча. Ён з'яўляецца адным з аўтараў барэльефаў Кургана Славы, мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць", аўтарам гарэльефа "Салідарнасць" на фасадзе Дома мадэляў у Мінску. Яго працы апошніх гадоў звернутыя як да старажытнай гісторыі Беларусі, так і да выдатных асоб мінулага стагоддзя. Гэта помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, князю Барысу ў Барысаве, Ефрасінні Полацкай у Мінску, Францыску Скарыне ў Калінінградзе і іншым. Аснову карціны складаюць разважанні майстра пра час і пра сябе.
-20%
-65%
-45%
-70%
-10%
-20%
-15%
-20%
-10%