реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Прадстаўляем вашай увазе анонсы фільмаў і праграм на тэлеканале "Беларусь 3" з 12 па 18 жніўня 2013 года.

ПАНЯДЗЕЛАК, 12 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". “У ЯКІМ ВЫПАДКУ СЛОВА "СТАЛЫ" НА МЕСЦЫ?” 8.31
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, у якім выпадку слова “СТАЛЫ” стаіць на месцы, ці ёсць на Палессі сталіца гумару і паразважаеце пра чароўную сілу беларускіх замоў.

"ПРА ЧЫРВОНЫ КАПЯЛЮШЫК" 10.01
Музычная казка, "Беларусьфільм", 1977 г.

Рэжысёр: Леанід Нячаеў. У ролях: Дзмітрый Язэпаў, Яна Паплаўская, Яўген Еўсцігнееў, Рына Зялёная, Уладзімір Басаў, Мікалай Трафімаў, Галіна Воўчак, Ралан Быкаў, Стэфанія Станюта, Марыя Барабанава, Марыя Вінаградава, Юрый Бялоў

Сучасная, у жанры мюзікла, інтэрпрэтацыя казкі Шарля Перо.

Старая ваўчыца хоча адпомсціць за старэйшага сына, забітага лесарубамі пры спробе з'есці Чырвоны Капялюшык і яе бабулю. Яна ўгаворвае ваўка па мянушцы Худы ўзяць яе малодшага сына, Тоўстага, на справу - схапіць Чырвоны Капялюшык і прынесці ў мяшку ў логава. Худы піша ў вёсцы на плоце, што бабуля зноў захварэла. Прачытаўшы гэтае паведамленне, Чырвоны Капялюшык адпраўляецца ў дарогу. "Група захопу" спяшаецца следам. Іх хранічнаму нешанцаванню можна толькі паспачуваць, бо гераіня гэтага фільма зусім не падобная на нясмелую малую з казкі Шарля Перо ...

Прыз Дзяржтэлерадыё Азербайджанскай ССР на VIII Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў (Баку, 1979).

"ДАРАГІЯ ЛЯЛЬКІ" 19.50
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2008 г.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр: Галіна Адамовіч

На Беларусі ёсць цэлы шэраг прафесійных мастакоў, якія прысвяцілі сваю творчасць стварэнню лялек. Усе яны цікавыя людзі, бо каб зрабіць ляльку, акрамя прафесійнага майстэрства неабходна ведаць псіхалогію, гісторыю, філасофію, разбірацца ў людзях, захаваць у душы свет дзяцінства. Толькі тады з'явіцца аўтарская рэч, што кранае душу і дзіцяці, і дарослага, якая робіць наша жыццё больш цудоўным і добрым. Фільм аб тонкім свеце мастацтва, аб свабодзе творчасці.

АЎТОРАК, 13 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ЯК ПРАВІЛЬНА: МІНУТА ЦІ ХВІЛІНА? 9.08
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: МІНУТА ці ХВІЛІНА, пры якіх абставінах беларус прамовіць “Малая купіна, а вялікі воз куляе” і для чаго беларусам ПАВУК?

"СПАКУСА" 12.13
Меладрама, “Беларусьфільм”, 2006 г.

Рэжысёр Маргарыта Касымава, Іван Паўлаў. У ролях: Валерыя Арланава, Яраслаў Бойка, Барыс Няўзораў, Сяргей Астахаў, Вера Палякова, Аксана Лясная, Віялета Несцяровіч, Ірына Нарбекава

Вольга Васілевіч - вядомая вядучая папулярнай тэлепраграмы "Лесвіца поспеху". Лесвіца поспеху суправаджае і саму Вольгу: у яе любімая праца, муж, які вельмі кахае яе, выдатны сын. Усё гэта трывала ўстаялася ў яе жыцці і, здавалася, поспех ніколі не пакіне яе. Аднойчы госцем чарговай тэлеперадачы стаў паспяховы бізнэсмэн Сяргей Галахаў. Пасля эфіру ен запрасіў Вольгу правесці разам уік-энд, і у яе жыццё прыйшло, як здалося ёй, новае, нязведанае пачуццё ... Але аўтакатастрофа, у якую Вольга трапляе разам з Сяргеем, разбурае ілюзію шчасця. Вольга і Сяргей аказваюцца ў маленькай правінцыяльнай бальніцы, куды ў хуткасці прыязджае муж Вольгі і жонка Сяргея ...

Спецыяльны дыплом X-га Адкрытага кінафестывалю "Брыганціна" за лепшую жаночую ролю - Аксана Лясная (Украіна, Бердзянск, 2007).
Спецыяльны дыплом журы за ролю другога плана - Аляксей Ждановіч на VI-ым рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў (Брэст, 2007).

“УСЕ НЕКАГА ЛЮБЯЦЬ...” 14.14
Драма, "Беларусьфільм", 1988 г.

Рэжысёр: Дзмітрый Зайцаў. У ролях: Барыс Галкін, Марына Якаўлева, Уладзімір Січкар, Віктар Гогалеў, Іра Баубель, Дзіма Кучын

Фільм створаны па апавяданнях Іллі Кашафутдзінава.

Рыгор ужо шмат гадоў працуе вадалазам на Ахоцкім моры. Але ён вельмі сумуе па свайму 6-ці гадоваму сыну Дзімку і вырашае вярнуцца ў родны горад, каб прапанаваць былой жонцы Каці паспрабаваць неяк наладзіць сумеснае жыццё. Прыехаўшы, ён даведваецца, што ў Каці ўжо новы муж, і яна чакае ад яго дзіця. Рыгор просіць Кацю аддаць яму сына ў абмен на ўсе заробленыя на поўначы грошы, і Каця, пасля кароткага вагання, згаджаецца. Рыгор забірае Дзімку, але на вакзале іх наганяе міліцыя. Ва ўчастку Рыгор даведваецца, што яго былая жонка падала заяву аб выкраданні сына ...

"ТАНЕЦ ДАЎЖЫНЁЙ У ЖЫЦЦЁ" 19.21
Хранікальна-дакументальный фільм, “Белвідэацэнтр”, 2002 г.

Рэжысёр: Ларыса Кабернік

У мінскім Тэатры эстрады, які ў народзе называюць Брадвей на Маскоўскай, існуе харэаграфічная майстэрня эстраднага танца. Узначальвае яе выдатная сям'я Яфрэмавых - майстроў мастацтва танца.

З 1990 года Яфрэмавы прыйшлі на выкладчыцкую працу ў Мінскі інстытут культуры. Тут яны эксперыментуюць, злучаючы ў працы акадэмічны стыль і эстрадны, элементы фальклору і акрабатыкі, ствараючы выразны танец у сучасных рытмах.

Нязменна цячэ час, змяняюцца стылі, прыходзяць новыя імёны, але вечным застаецца мастацтва танца і энэргія, якую даюць таленавітыя людзі, што твораць цуды.

СЕРАДА, 14 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ІДЗЯЦЕ, ВЕЗЯЦЕ, НЕСЯЦЕ. ЯК ВЫЗНАЧЫЦЬ МЕСЦА НАЦІСКУ Ў ДЗЕЯСЛОВАХ? 8.42
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як вызначыць месца націску ў дзеясловах: ідзяце, везяце, несяце? Калі ўжываецца выраз “За пераборы застаюцца лапці ды аборы”, і як выглядаў беларускі ткацкі стан.

“ВЫКРАСЦІ БЕЛЬМАНДО”. 19.53
Эксцэнтрычная камедыя, Белтэлерадыёкампанія, 2011 г.

Рэжысёр: Мікалай Князеў

У ролях: Алег Несцераў, Ганна Бондарава, Аляксандр Панкратаў-Чорны, Анатоль Кот, Андрэй Дабравольскі, Сяргей Журавель, Яўген Іўковіч, Саша Вергуноў, Святлана Зелянкоўская, Пётр Ялфімаў

"Выкрасці Бельмандо" - шасцісерыйная камедыя, у якой ёсць і прыгоды, і эксцэнтрыка, і лірыка, і філасофія з адпаведнымі героямі і крылатымі фразамі, як у камедыях Гайдая, Данеліі і Разанава.

У моднага маскоўскага пісьменніка Венедыкта Бакуніна ў жыцці наступае крызіс: не ладзяцца ўзаемаадносіны з дзяўчынай, не пішацца раман. Каб хоць неяк змяніць сітуацыю, герой хоча з'ехаць у Парыж і там працягнуць працу над кнігай: натхняльная атмасфера горада дапаможа літаратару зноў здабыць сябе. Ён просіць выдаўца аплаціць квіток да французскай сталіцы і ўзяць на сябе выдаткі па пражыванні.

У сваю чаргу выдавец вылучае патрабаванні пісьменніку. Па-першае, пакуль кніга не будзе скончана, Бакунін не мае права пакінуць Парыж. Па-другое, кніга павінна быць напісана за 100 дзён. Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананы - Венедыкт пазбавіцца свайго любімага ўнікальнага ката рэдкай пароды па мянушцы Бельмандо і не будзе больш працаваць у выдавецтве.

Заклад заключаецца ў прысутнасці іншага пісьменніка - Гарэлава, які зайздросціць Бакуніну і марыць разбурыць яго кар'еру. Ён наймае людзей, якія павінны знішчыць накіды рамана і выкрасці Бельмандо. За няшчасным катом палюе таксама і калекцыянер рэдкіх парод жывёл, якому Бакунін адмовіўся прадаць Бельмандо за 50 тысяч еўра.

Такім чынам, Венедыкт Бакунін адпраўляецца ў Парыж, але аказваецца не ў Францыі, а ў Беларусі, у пасёлку Парыж. Тут-то і пачынаюцца ўсе яго ліхтугі ...

"У ЖНІЎНІ 44-ГА ..." 12.14
Ваенная драма, “Беларусьфільм”-Расія, 2000 г.

Рэжысёр: Міхаіл Пташук. У ролях: Яўген Міронаў, Юрый Калакольнікаў, Уладзіслаў Галкін, Аляксандр Балуеў, Беата Тышкевіч, Аляксей Пятрэнка, Аляксандр Фяклістаў, Яраслаў Бойка, Аляксандр Яфімаў, Віктар Паўлаў, Альберт Фiлозаў, Аляксей Панін, Юрый Цурыла

Па матывах рамана Уладзіміра Багамолава "Момант ісціны (У жніўні 44-га)".

На тэрыторыі толькі што вызваленай Заходняй Беларусі дзейнічае асабліва небяспечная нямецкая разведгрупа, якая перадае ў эфір шыфраваныя радыёграмы. Яе ліквідацыя з'яўляецца першачарговай задачай Упраўлення контрразведкі фронту. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. На выяўленне і ліквідацыю нямецкіх шпіёнаў кінута адна з лепшых аператыўна-вышуковых груп у складзе камандзіра групы капітана Алёхіна, старшага лейтэнанта Таманцава і лейтэнанта Блінова. На тое, каб пакончыць з варожымі лазутчыкамі, групе Алёхіна даюцца толькі суткі. Ад дзеянняў трох членаў Алехінскай групы залежаць не толькі асабістыя лёсы аператыўнікаў, але і поспех наступу Савецкай арміі, аб падрыхтоўцы да якога і паведамляюць шыфраграмы нямецкіх агентаў…

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". У БЕЛАРУСАЎ ЗАРАЗ ЗУСІМ НЕ ТОЕ, ШТО Ў РАСІЯН СЕЙЧАС “14.11
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, чаму ў беларусаў “зараз” зусім не тое, што ў расіян “СЕЙЧАС”, у якім выпадку беларусы кажуць “Свая сярмяжка няцяжка”, і пазнаеце адвечную песню калаўрота.

ЧАЦВЕР, 15 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ШТО АЗНАЧАЕ СЛОВА БАГАТЫР ПА-БЕЛАРУСКУ? 8.43
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, што азначае слова БАГАТЫР па-беларуску, калі ўжываецца выраз “І без папа ведаю, што ў нядзелю свята”, і дзе расчыніў дзверы музей народнага гумару?

"АБУЗА" 19.53
Тэленавэла, "Беларусьфільм", 1983 г.

Рэжысёр: Яфім Грыбаў. У ролях: Юля Касмачова, Яўген Нікіцін, Вольга Кузяшына, Марына Шыманская, Таццяна Аляксеева, Аляксандра Зіміна, Анжэла Караблева

Маленькая Воля пасля смерці маці жыве ўдваіх з бацькам. Аднойчы ўвечары дзяўчынка чуе, як яе бацька Васіль прапануе сваей новай каханай дзяўчыне Свеце застацца ў іх назусім, а тая адказвае, што Воля яе не любіць і трэба аддаць дзяўчынку ў кругласутачны садзік, каб яна не стала для іх абузай. Воля пытаецца ў сваёй выхавальніцы Вары, што значыць гэтае слова? Тая тлумачыць: непатрэбны чалавек. Воля вельмі прывязаная да сваёй выхавальніцы і менавіта яе хацела б бачыць сваёй "новай мамай". Таму, калі Васіль угаворвае Волю пайсці ў кругласутачны дзіцячы садзік і гэтым дапамагчы яму наладзіць асабістае жыццё, дзяўчынка прапануе бацьку ажаніцца на цётцы Вары ...

ПЯТНІЦА, 16 ЖНІЎНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". АДЗІН ДА АДНАГО, АДНА ДА АДНОЙ, А МОЖА АДНО ДА АДНАГО? 8.41
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: адзін да аднаго, адна да адной, а можа адно да аднаго? Чаму беларусы кажуць “Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос”, і навошта нашы продкі абкладалі вокны крапівой?

"ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА. НАРАДЖЭННЕ" 19.06
Дакументальны фільм, "Белвідэацэнтр", 2011 г.

Рэжысёр: Іна Віннікава

Для кожнага з нас знаёмства з тэатрам пачынаецца па-рознаму: для некага - з афішы на вуліцы, для некага - з вешалкі, для некага - з грымёркі і доўгіх знясільваючых рэпетыцый. Стваральнікі фільма "Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне" раскажуць нам пра гісторыю тэатра на Беларусі.

Тэатр заўсёды быў адным з самых папулярных відаў мастацтва ў нашай краіне. Яго гісторыя бярэ свой пачатак у XII стагоддзі. Потым былі школьныя тэатры, якія ствараліся пры духоўных навучальных установах у XVI стагоддзі. Прыдворныя і гарадскія тэатры засноўваліся ў XVIII стагоддзі. У 1920 годзе ў Мінску быў заснаваны Вялікі Дзяржаўны тэатр. Вось пра гэтыя асноўныя этапы нараджэння беларускага тэатра і распавядае гэты фільм.

СУБОТА, 17 ЖНІЎНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ПЫЛ І ПАЛ. ЯК НЕ ТРАПІЦЬ У ПАСТКУ МІЖМОЎНАЙ АМАНІМІІ? 12.36

Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як не трапіць у пастку міжмоўнай аманіміі, з якіх часоў беларусы кажуць: “Відаць пана па халявах” і чаму Палессе называлі кандовым?

“БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЮР’Я” 12.41
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2007 г.

Рэжысёр: Ірына Волах

Юр'я- даўнейшае земляробчае свята беларускага народнага календара. Адзначаецца 6 мая. Менавіта ў Юр'еў дзень трэба першы раз выгнаць хатнюю скаціну на пашу, на "юр'еўскую расу". Па вераваннях беларусаў, святы Юрый у гэты дзень верхам на белым кані аб'язджаў і браў пад сваю абарону ўсё быдла, дапамагаў пастухам. Напярэдадні Юр'я дзяўчыны рыхтавалі каравай, а потым вадзілі кругавы карагод па маладым жыце, уздымаючы ўгару і разгойдваючы каравай, каб таксама высока расло жыта і разгойдвалася ад цяжкіх паспелых каласоў. У народных уяўленнях беларусаў святы Юрый – "Божы ключнік", таму што ў яго знаходзяцца ключы, якія "замыкаюць зіму і адмыкаюць лета".

Фільм з цыкла "Беларускі народны каляндар" здымаўся ў Любанскім раёне Мінскай вобласці.

“ВАСІЛЬ БЫКАЎ. ФРАНТАВЫЯ СТАРОНКІ” 15.26
Хранікальна-дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2004 г.

Рэжысёр Станіслаў Гайдук

Фільм прысвечаны вялікаму беларускаму пісьменніку, лаўрэату Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, Герою Сацыялістычнай працы Васілю Быкаву (1924-2003).

Што ж было ў творчасці гэтага чалавека такога, што не пакідала абыякавымі мільёны людзей?

Лёс і талент ... Лёс, не аддзелены ад часу, і талент, які адгукаўся на галоўныя пытанні часу ... Часопісы і кнігі з яго аповесцямі імгненна раскупляліся, імгненна прачытваліся, перадаваліся з рук у рукі і горача абмяркоўваліся. Нездарма па яго творах кінематаграфісты стварылі паўтара дзесятка фільмаў: "Трэцяя ракета" (1963), "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977), "Знак бяды" (1985), "Доўгія вёрсты вайны" (1976) і інш. Мала хто быў настолькі блізкі да кіно, як Васіль Быкаў з яго дынамічнай, філасофскай прозай. І гэта акалічнасць сёння дае нам магчымасць убачыць, як лёс салдата Вялікай вайны адбіўся на кінаэкране.

"НОВАЯ ЗЯМЛЯ" 18.13
Гістарычная драма, "Белтэлефільм", 1982 г.

Рэжысёр: Уладзімір Траццякоў. У ролях: Яўген Шыпіла, Таццяна Мархель, Анатоль Жук, Жэня Гарэлік, Наташа Кушнер, Ігар Петух.

Фільм пастаўлены паводле знакамітай паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа "Новая зямля", якая апавядае пра трагічны лёс беларускага сялянства ў канцы XIX-пачатку XX стагоддзя, аб галоўнай мары беларуса, які працуе на зямлі, - "купіць Зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут, i там зажыць сабе нанова: свая зямля - вось што аснова ... "

Менавіта аб сваёй зямлі і свабодзе горача мараць галоўныя героі паэмы і фільма - ляснік Міхал, яго жонка Ганна і брат Антось. Але пакуль для куплі ўчастка няма грошай, і Міхал вымушаны пераязджаць з месца на месца, каб пракарміць сваю вялікую сям'ю. Атрымаўшы прызначэнне ў Парэчча, сямейства лесніка пачынае перасяленне. Шмат цяжкасцяў і нягод прыйдзецца пераадолець Міхалу і яго блізкім, каб хоць крыху наблізіцца да ажыццяўлення сваёй мары ...

“БЕГ АД СМЕРЦІ” 20.45
Вострасюжэтны дэтэктыў, "Беларусьфільм", 1996 г.

Рэжысёр: Віктар Дзяругін. У ролях: Дзмітрый Шчарбіна, Анатоль Кацянёў, Генадзь Шкуратаў, Георгій Волчак, Мікалай Алялін, Аляксандр Цімошкін, Алена Унукава, Валянціна Дземянкова

Паводле аднайменнага рамана Віктара Дацэнкі.

Герой фільма, здзейсніўшы злачынства, збягае падчас следчага эксперыменту, сур'ёзна параніўшы ахоўніка і завалодаўшы яго зброяй. З гэтага часу ён у бегах і не ведае іншага закона, акрамя закона выжывання. Уцякач ад правасуддзя, якому няма дзе схавацца, удзельнічае ў смяротнай гонцы, здзяйсняючы новыя злачынствы. Гэты бег ад смерці ператвараецца, у рэшце рэшт, у бег ад уласнага сумлення, ад якога, як вядома, уцячы немагчыма. Міліцыі ўдаецца выйсці на след злачынцы ...

"ЗДАБЫТЫ ЧАС" 22.09
Ваенная драма, Францыя-Італія-Партугалія, 1999 г.

Рэжысёр: Рауль Руіс. У ролях: Катрын Дэнёў, Эмануэль Беар, Венсан Пярэс, Джон Малкавіч, Паскаль Грэггары, Марчэла Маццарелла, Мары-Франс Пізье, К'яра Мастраяні, Арыэль Дамбаль

Асновай фільма стаў раман "Здабыты час" - апошні ў семітомнай эпапеі Марсэля Пруста "У пошуках страчанага часу".

Марсэль Пруст на парозе смерці ў думках зноў пражывае сваё жыццё. Яго ўспаміны пра дзяцінства, юнацтва, пра родных, блізкіх, чужых пераплятаюцца і напластоўваюцца адно на іншае. Вобразы людзей з мінулага: чароўнай Жыльберты, каханай Альбярціны, дзіўнага барона дэ Шарлю, парыжскага велікасвецкага грамадства; вяртанне да ранейшых перажыванняў і адчуванняў - гэта і ёсць Час, страчаны і зноў здабыты ...

НЯДЗЕЛЯ, 18 ЖНІЎНЯ

"МАЯ ВАСЬМІДЗЕСЯТАЯ ВОСЕНЬ" 15.27
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2002 г.

Рэжысёр: Валерыя Скварцова

Віктар Роўда – народны артыст СССР і Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Акадэмічнага хору Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Гэты дзіўна таленавіты, прыгожы чалавек унёс велізарны ўклад у развіццё беларускай музычнай культуры.

Фільм пабудаваны як маналог маэстра. Цікавыя яго ўспаміны пра дзяцінства, сям'ю, якая сфармавала яго як асобу, пра вучобу ў Віленскім універсітэце, кансерваторыі, аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі. Сустрэчы з такімі вядомымі музыкамі, як Свешнікаў, Свірыдаў, Шастаковіч адыгралі велізарную ролю ў яго станаўленні. Падагульняючы свой шматгадовую працу, ён лічыць, што змог рэалізаваць у вучнях свае задумы і творчыя ідэі.

"...ШТРЫХ... ПУНКЦІР…" 16.07
Дакументальны фільм, "Белвідэацэнтр", 2007 г.

Рэжысёр: Дзмітрый Міхлееў

Фільм-партрэт народнага артыста СССР і Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, акцера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава (р. 1935).

Яго лічаць самародкам, самабытным акцерам з народа. Яго любяць і ведаюць па бліскуча згуляных ролях у тэатры: Аўдзей ("Страсці па Аўдзею”), Пранцысь Пустарэвіч ("Паўлінка”), Навум Прыгаворка ("Ідылія”), Рамеснік ("Князь Вітаўт”), Усходні Навуковец ("Тутэйшыя”), у кіно, на тэлебачанні: "Доўгія вёрсты вайны", "Полымя", "Апошняе лета дзяцінства”, “Дзень вяртання” і інш. Мяккі, ледзь хрыплаваты голас гэтага чалавека знаемы нам з дзяцінства – гэтым голасам кажуць героі любімых беларускіх мультфільмаў. Адна з характэрных рыс акцера — яго пявучая, дзіўна прыгожая беларуская гаворка. Сярод створаных Аўсяннікавым выяў адметнае месца займаюць каларытныя персанажы з сялян – вясковыя хітруны і праўдашукальнікі.

У фільме "…Штрых…пункцір…" Генадзь Сцяпанавіч паўстае як майстар слова, за плячыма якога сотні лепшых роляў нацыянальнага рэпертуару. Пра Генадзя Аўсяннікава расказваюць яго калегі і сябры: драматург Аляксей Дудараў, рэжысёры Валерый Раеўскі і Дзмітрый Зайцаў, акцер Генадзь Гарбук. Скарыстаны архіўныя матэрыялы, фатаграфіі з асабістых калекцый, урыўкі з фільмаў з удзелам акцера.

"ПРИРОДА - СФИНКС. И ТЕМ ОНА ВЕРНЕЙ…" 16.51
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 1998 г.

Рэжысёр: Сяргей Пятроўскі

Фільм пра флору Беларусі, пра прыгажосць і багацце яе расліннага свету.

“АНАТОЛЬ І ПІЛІП ШЧЫТАВЫ. АБРАЗЫ Ў ДРЭВЕ.” 17.38
Хранікальна-дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2000 г.

Рэжысёр: Рэната Грыцкова

Летам 1998 года ў Мінску прайшла выстава твораў мастакоў Шчытавых з Гомеля. Бацька і сын, Анатоль і Піліп Шчытавы, ствараюць унікальныя вырабы – абразы з дрэва. З 1983 года імі зроблена звыш за 70 абразоў. У фільме бацька і сын расказваюць пра стварэнне абраза Боскай маткі, разважаюць пра працу, сям'ю, прызначэнне чалавека.
-50%
-27%
-20%
-10%
-20%
-18%
-20%
-25%
-25%
-50%
-25%
0063042