реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Прадстаўляем вашай увазе анонсы фільмаў і праграм на тэлеканале "Беларусь 3" з 22 па 28 ліпеня 2013 года.

ПАНЯДЗЕЛАК, 22 ЛІПЕНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ПАЗБАВІЦЦА ЦІ СТРАЦІЦЬ? 8.56
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна ўжываць: пазбавіцца ці страціць? Што абазначае выраз: “Калі слоў мех, а справы – на смех”, і што ўяўляе сабой беларускі млын.

"НАДЗВЫЧАЙНЫЯ ПРЫГОДЫ ДЗЯНІСА КАРАБЛЕВА" 9.59
Камедыйна-прыгодніцкі тэлефільм, "Беларусьфільм", 1979 г.

Рэжысёры: Ігар Дабралюбаў, Ігар Пушкароў, Віталь Дудзін, Марк Браўдэ. У ролях: Сяргей Пісуноў, Алёша Варвашэня, Саша Кудыцін, Саша Хадыка, Дзяніс Рунцоў, Максім Крукоўскі, Оля Сарока, Алена Санько, Уладзімір Носік, Любоў Румянцава, Галіна Макарава

Тэленавэлы "Роўна дваццаць пяць кіло", "Не горш за вас, цыркавых!", "Сябар дзяцінства", "Дзяўчынка на шары" па матывах кнігі выдатнага дзіцячага пісьменніка Віктара Драгунскага "Дзяніскіны апавяданні".

Жыццё гарэзнага васьмігадовага Дзяніскі Кораблева і яго сяброў поўнае прыгод. Яны не даюць сумаваць ні сабе, ні іх бацькам. То разам з сябрам Лёўкай Дзяніску прыходзіцца выпіць па цэлай бутэльцы халоднай і нясмачнай мінералкі, каб выйграць гадавую падпіску на часопіс "Мурзілка". То па дарозе ў краму Дзяніс нечакана сустракае знаёмую цётку Машу і трапляе на цыркавое прадстаўленне, дзе садзіцца на месца падсаднога хлопчыка і аказваецца пад купалам цырка. То разам з Лёўкай яны спрабуюць вярнуць цудоўны веласіпед, на якім можна ехаць усім разам, і які ў іх хітрасцю выманіў хлопчык-падманшчык...

"ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА. НАРАДЖЭННЕ" 19.20
Дакументальны фільм, "Белвідэацэнтр", 2011 г.

Рэжысёр: Іна Віннікава

Для кожнага з нас знаёмства з тэатрам пачынаецца па-рознаму: для некага - з афішы на вуліцы, для некага - з вешалкі, для некага - з грымёркі і доўгіх знясільваючых рэпетыцый. Стваральнікі фільма "Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне" раскажуць нам пра гісторыю тэатра на Беларусі.

Тэатр заўсёды быў адным з самых папулярных відаў мастацтва ў нашай краіне. Яго гісторыя бярэ свой пачатак у XII стагоддзі. Потым былі школьныя тэатры, якія ствараліся пры духоўных навучальных установах у XVI стагоддзі. Прыдворныя і гарадскія тэатры засноўваліся ў XVIII стагоддзі. У 1920 годзе ў Мінску быў заснаваны Вялікі Дзяржаўны тэатр. Вось пра гэтыя асноўныя этапы нараджэння беларускага тэатра і распавядае гэты фільм.

АЎТОРАК, 23 ЛІПЕНЯ

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА -БЕЛАРУСКУ". ЯКІ СЭНС МАЕ ПРЫМЕТНІК “САМАВІТЫ”? 9.40

Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, які сэнс мае прыметнік "самавіты", калі ўжываецца выраз: “Навуку за плячыма не носяць”, і якія адносіны мае дзеяслоў ШВЭНДАЦЦА да Аўцюкоўскага фестывалю гумару?

“ІВАН МАКАРАВІЧ” 12.15
Кінааповесць ваенных гадоў, "Беларусьфільм", 1968 г.

Рэжысёр: Ігар Дабралюбаў. У ролях: Мікалай Яроменка-ст., Віктар Махонін, Ірына Бразгоўка, Тамара Логінава, Аркадзь Трусаў, Міхаіл Макараў, Алена Максімава, Валянціна Уладзімірава.

Ване было 13 гадоў, калі пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт, і хлопчыку разам з маці давялося пакінуць Беларусь і рушыць на ўсход. Але маці пры першай жа бамбёжцы загінула. Ваню прыгрэў і выхадзіў працоўны кацельні домакіраўніцтва. Хлопчык прывязаўся да дзядзькі Кузі, дапамагаў яму ў кацельні. Калі дзядзька Кузя пайшоў на фронт, Ваня застаўся качагарам замест яго. Выпадак звёў яго з маленькай дзяўчынкай Лялькай і яе бабуляй. Пасяліўшыся ў іх, Ваня аказвае ім пасільную дапамогу, выяўляючы нястомны клопат аб дзяўчынцы. Бабуля і Ляля сталі паважліва клікаць яго Іван Макаравіч. Нягоды і цяжкасці не зламалі падлетка, а толькі загартавалі яго характар ...

Прыз і Першая прэмія за лепшы фільм для дзяцей на IV-м Усесаюзным кінафестывалі ў Мінску, 1970 год.

Гран-пры "Сярэбраная Мінерва" "за высокае выканальніцкае майстэрства акцёраў і выдатнае тэхнічнае рашэнне фільма, які надае яму асаблівую выразнасць" на XXII-м МКФ фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Венецыі (Італія, 1970).

“Я - ДЗЯЎЧЫНКА НА ШАРЫ" 14.36
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2009 г.

Рэжысер: Станіслаў Гайдук

Дакументальная відэастужка-эсэ пра жыццё і творчасць беларускай пісьменніцы, паэтэсы, перакладчыцы Раісы Баравіковай (1947). Жанчына выдатнага лёсу, творчы чалавек, Раіса Баравікова з'яўлялася галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць", а таксама членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яе вершы пранізаны глыбокай лірычнасцю, яны ўключаны ў школьную праграму. Даследаванне яе як творцы і як чалавека праходзіць на фоне думак сяброў і калег. Праз увесь фільм праходзіць тэма душэўнасці і незвычайнасці беларускай паэтэсы.

СЕРАДА, 24 ЛІПЕНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ЯК ПРАВІЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ? 9.27
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ, пры якіх абставінах беларус прамовіць “Вярзеш грушы на вярбе” і што такое выцінанка.

"ГЭТЫ НЯГОДНІК СІДАРАЎ" 10.00
Дзіцячая камедыя, "Беларусьфільм", 1983 г.

Рэжысёр: Валянцін Горлаў. У ролях: Уладзік Сухачоў (Галкін), Таня Мартынава, Валерыя Ліхадзей, Вячаслаў Новік, Сяргей Арцыбашаў, Марыя Барабанава, Аляксандр Бяспалы

Летні піянерскі лагер. Прачытаўшы характарыстыку на Алёшу Сідарава, усе без выключэння сталі ставіцца да яго як да абібокі і хулігана - паводле напісанага. Але Алёша Сідараў апынуўся таленавітым хлапчуком, фантазёрам і вынаходнікам, аўтарам пацешных бурымэ і карыкатур. З усімі ён быў паблажлівы і ветлівы. Начальнік лагера Васіль Трафімавіч у здзіўленні: магчыма, яны бачаць Сідарава не ў тым ракурсе? А калі ў атрадзе з'явіўся сапраўдны хуліган Сідараў, Алёша вырашыў узяць над ім шэфства - і стаў яму сапраўдным сябрам.

У гэтым фільме сваю першую галоўную ролю ў кіно сыграў Уладзіслаў Галкін, які стаў зоркай расійскага кіно ("Дальнабойшчыкі", "У жніўні 44-га", 72 метры ").

"ЗНАК БЯДЫ" 12.14
Ваенная драма, "Беларусьфільм", 1986 г.

Рэжысёр: Міхаіл Пташук. У ролях: Ніна Русланава, Генадзь Гарбук, Віталь Быкаў, Уладзімір Гасцюхін, Аляксей Зайцаў, Уладзімір Ільін, Яўген Платохін, Аляксей Булдакоў, Аляксандр Цімошкін, Уладзімір Куляшоў, Тадэвуш Кокштыс, Арво Кукумягі, Уладзімір Емяльянаў, Кашпар Пуце.

Паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава.

Восень, 1941 год. Сцепаніда і Пятрок жывуць на хутары Яхімоўшчына, што ў трох кіламетрах ад мястэчка Засценкі. Да іх паліцаі прыводзяць немцаў, якія ўвайшлі ў суседняе сяло. Мяккі і, як здаецца, слабы па натуры Пятрок, спачатку ўсімі сіламі імкнецца пазбегнуть канфліктаў з фашыстамі, спадзеючыся, што, можа, усё абыйдзецца мірам. Аднак Сцепаніда разумее, што не "абыйдзецца", - у хату прыйшла бяда. З першых жа хвілін гітлераўцы адчуваюць маўклівую пагарду гаспадыні хаты, яе відавочнае нежаданне хоць у чым-небудзь дагаджаць няпрошаным гасцям. Не вытрымаўшы здзекаванняў паліцаяў, Пятрок ідзе на адкрыты пратэст і гіне. Пасля смерці мужа Сцепаніда ад пасіўнага непрымання ворага пераходзіць да адкрытага супраціўлення. У аднаго з сялян яна выменьвае парася на бомбу, якая не разарвалася, каб падарваць так патрэбны гітлераўцам мост…

Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР (Ніна Русланава), 1988г.
Залаты медаль ім. Даўженкі (Ніна Русланава), 1988г.
Міжнародная прэмія BBC. Прыз за лепшую замежную карціну (Міхаіл Пташук), 1987г.
Прэмія "Ніка" за лепшую жаночую ролю (Ніна Русланава), 1987 г.
Галоўны прыз "Статуя свабоды" на Міжнародным кінафестывалі ў Сопаце (Польшча, 1987 г.)


"ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ СТРАЎНІ. БУЛЬБЯНЫЯ ПРЫСМАКІ" 16.47
Хранікальна-дакументальны, “Белвідэацэнтр”, 2012 г.

Рэжысёр: Аляксей Раковіч

Беларуская кухня ўстойліва захоўвае нацыянальныя традыцыі. З глыбіні стагоддзяў да нашых дзён дайшлі шматлікія самабытныя стравы. Шырока вядомыя далёка за межамі Беларусі дранікі, халаднік, зацірка, мачанка, жур ...

Асабліва папулярна ў беларусаў бульба, якую называюць у народзе "другім хлебам". Яна з'яўляецца абавязковым атрыбутам беларускага нацыянальнага стала. З яе гатуюць бульбянікі, дранікі, камы, запяканкі, клёцкі, бульбяную бабку. Бульба не сыходзіць са стала беларусаў круглы год. Яе вараць, тушаць, смажаць, запякаюць, фаршыруюць. А асабліва смачная бульба ў спалучэнні з грыбамі, свінінай...

“ЛЁС СТАРОЙ КНІГІ” 19.19
Дакументальны фільм, "Беларусьфільм", 2012 г.

Рэжысёр: Марыя Жукава

Фільм завершыць серыю фільмаў пра ўнікальныя кнігі, якія захоўваюцца ў розных сходах Беларусі. Аповед пойдзе пра рукапісныя кнігі старавераў з музея ў горадзе Ветка.

Гэты горад з ХVII стагоддзя быў цэнтрам стараверства, а рукапісная кніга ў культуры горада - з'ява ўнікальная. Рукапісы тут ствараліся да канца 1930-х гадоў. Асвоіўшы рукапісныя традыцыі Старажытнай Русі, узяўшы за аснову старадрукаваны арнамент, увабраўшы традыцыі народнага мастацтва, веткаўскія стараверы стварылі свой арыгінальны стыль у афармленні рукапісных кніг. Іх упрыгожвалі выдатнымі мініяцюрамі, арнаментамі, а таксама па-майстэрску напісанымі абразамі. Цяпер старадрукаваныя кнігі XVII стагоддзя можна ўбачыць у музеі народнай творчасці горада Ветка.

ЧАЦВЕР, 25 ЛІПЕНЯ

“СВЯТЫНІ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ” 8.40
Хранікальна-дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2010 г.

Рэжысер: Сяргей Макараў

Фільм апавядае пра помнікі архітэктурнай спадчыны, пра духоўныя святыні Беларусі, якія шмат стагоддзяў таму застылі ў камені.

Сафійскі сабор, пабудаваны паміж 1044 г. і 1066 г. пры кіраванні легендарнага полацкага князя Усяслава, Спаса-Праабражэнская царква, якая ўваходзіць у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, які пабудаваў полацкі дойлід Ян на загад Ефрасінні Полацкай паміж 1152 г. і 1161 г. Усе гэтыя скарбы нацыянальнай культуры Беларусі вяртаюць гледача да вытокаў народнай памяці і веры.

"СТАРАЖЫТНАЕ СЛОВА. ЛЁС МІХАІЛА ГРАБОЎСКАГА" 9.10
Дакументальны фільм, "Беларусьфільм", 2011 г.

Рэжысёр: Юрый Цімафееў

Фільм адкрывае выбітную постаць гісторыі культуры Беларусі першай паловы XIX стагоддзя Міхала Баброўскага. Доктар тэалогіі і прафесар Віленскага ўніверсітэта, ідэйны настаўнік філаматаў і філарэтаў, буйны вучоны-славіст і святар, ён прысвяціў сябе захаванню і зберажэнню старажытнай культуры беларусаў і ўсяго славянства. Адкрыў знакаміты Супрасльскі кодэкс, самы старажытны кніжны помнік на нашых землях, які сёння ўнесены ў спіс Памяці свету ЮНЕСКА, таксама Супраслькі летапіс і Кіеўскі псалтыр. У 1835 годзе выдаў на роднай мове Катэхізіс для рымска-каталіцкіх юнакоў. Гэта была першая з нешматлікіх у XIX cтагоддзі кніг на беларускай мове. Але жыццёвы лёс і навуковы шлях знаўцы сямнаццаці моў, члена прэстыжных Археалагічнай акадэміі ў Рыме, Парыжскага і Лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце быў драматычным. Звольнены з Віленскага ўніверсітэта, ён апынуўся ў своеасаблівай ссылцы ў Жыровіцкім манастыры. Апошнія 15 гадоў жыцця Міхал Баброўскі служыў звычайным праваслаўным святаром у вёсцы Шарашова Пружанскага раёна, дзе і пахаваны.

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ГУЛЕЦ, НАПАДНІК, КУТНІ ЎДАР - КАЛЯФУТБОЛЬНАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ ПА-БЕЛАРУСКУ. 9.38
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як гучыць каляфутбольная тэрміналогія па-беларуску, чаму беларусы не толькі “Не паляць з гарматы па вераб’ях”, але і “За камаром не гоняцца з тапаром”? І якая роля адводзілася печы ў хаце беларусаў?

"ПОЛАЦК" 9.44
Дакументальны фільм, “Беларусьфільм”, 2009 г.

Аўтар сцэнарыя і рэжысер: Віктар Аслюк

"Ад Полацка пачаўся свет" - не дарма так кажуць на Беларусі. Гэта самы старажытны горад нашай зямлі, гэта выток беларускай дзяржаўнасці, гэта цэлае суквецце знакамітых імёнаў айчыны: Рагвалод і Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі. Гісторыю горада над Заходняй Дзвіной з усімі яго таямніцамі, якому ўжо каля 1150 гадоў, усю не расказаць, але нават у невялікім фільме ёсць магчымасць дакрануцца душой да гісторыі роднай зямлі, адчуць сувязь часоў і падзей.

Дыплом рэжысёру Віктару Аслюку "За форму, якая і ёсць змест" на VII-м Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце (Беларусь, 2010 г.)

“ЛЮБОЎ” 19.20
Хранікальна-дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2003 г.

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка

Відэафільм пра вядомую беларускую актрысу Любоў Румянцаву (1943) - заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь, вядомую гледачам па многіх мастацкіх фільмах, сярод якіх "Альпійская балада" беларускага рэжысёра Барыса Сцяпанава, якая вызначыла творчы лёс актрысы.

Любоў Рыгораўна Румянцава дзеліцца ўспамінамі пра згуляныя ролі ў тэатры і кіно, пра калег, пра мінуўшчыну. У фільме выкарыстаны фрагменты фільмаў і спектакляў з удзелам актрысы.

ПЯТНІЦА, 26 ЛІПЕНЯ

“МАКСІМ ТАНК” 8.13
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2012 г.

Рэжысёр: Анатоль Стрыкуноў

Максім Танк (1912—1995) – адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры.

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.

Максім Танк – Герой Сацыялістычнай працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, залатым медалём “Барацьбіт за мір”.

Але, па ўспамінах многіх людзей, якую б пасаду Максім Танк не займаў, – галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета БССР – ён заўсёды заставаўся даступным для людзей, простым і шчырым, гатовым падтрымаць чалавека, прыйсці на дапамогу.

"РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ЯК ПРАВІЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: АСАБІСТЫ ЦІ АСАБОВЫ? 8.42
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, калі правільна ўжываць словы АСАБІСТЫ і АСАБОВЫ, адкуль пайшоў выраз “Як рак паляціць ды свісне”, і чым адрозніваюцца ліштвы і аканіцы?

"ВОБРАЗ ГЕРОЯ. ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА" 8.47
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2011 г.

Рэжысер: Яўген Сяцько

Фільм пра Тадэвуша Касцюшку (1746-1817), палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года, удзельніка Вайны за незалежнасць ЗША, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі. Насычаная найбольш вострымі ігравымі момантамі шматграннай біяграфіі дакументальная стужка павінна дапамагчы аднавіць жывую выяву таленавітага, вынаходлівага, высока адукаванага і проста вельмі прыгожага маладога чалавека, сыгранага сучасным беларускім акцерам.

"ЦІШЫНЯ" 18.35
Дакументальны фільм, "Белвідэацэнтр", 2000 г.

Аўтар сцэнарыя і рэжысер: Валерыя Скварцова

Фільм прысвечаны памяці вядомага беларускага мастака Леаніда Марчанкі, які рана пайшоў з жыцця. Яго выдатныя афорты захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Успамінамі пра яго дзеляцца родныя, калегі, сябры і незнаёмыя прыхільнікі яго таленту.

"ЁН СЭРЦАМ ПЕСНЮ АДЧУВАЎ" 19.08
Дакументальны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2010 г.

Рэжысер: Валерыя Скварцова

Генадзь Іванавіч Цітовіч (1910-1986) - беларускі харавы дырыжор, музыказнаўца, народны артыст СССР. Арганізатар і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору Беларусі. З яго імем звязана цэлая эпоха адраджэння беларускай музычнай культуры. Генадзь Цітовіч - чалавек, закаханы ў свой народ і яго мастацтва. Само жыццё, складанае і нялёгкае, як бы адліла, выкавала гэтага няўрымслівага шукальніка, вучонага з сусветным імем, тонкага, праніклівага мастака. У жніўні 2010 года Генадзю Іванавічу споўнілася б 100 гадоў. Яго спадчына як асобы творчай - велізарная, неабсяжная, а галоўнае - яна жывая, не музейная. Створаная на народнай аснове, яна і сёння сілкуе сваімі жыватворнымі сокамі прафесійнае і самадзейнае мастацтва Беларусі.

“У ЦАРСТВЕ БАКЛАНАЎ І ЧАПЕЛЬ” 19.36
Навукова-папулярны фільм, “Белвідэацэнтр”, 2001 г.

Рэжысер: Ігар Бышнеў

Свет дзікай прыроды. У ім кожны сам за сябе. Але прыходзіць вясна, і большасць жывёл аб'ядноўваецца ў пары, а да сярэдзіны лета ў іх з'яўляюцца сапраўдныя сем'і, дзе пад наглядам бацькоў растуць дзеці. Некаторыя жывёлы аб'ядноўваюцца ў групы, статкі, калоніі.

Як працякае ў жывёл жыццё разам, і якія дадатковыя магчымасці яно ім дае? Адказы на гэтыя пытанні і дае фільм.

СУБОТА, 27 ЛІПЕНЯ

“РАЗМАУЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ”. “ЯК ПРАВIЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: МІНУТА ЦІ ХВIЛIНА?” 8.28
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: МІНУТА ці ХВІЛІНА, пры якіх абставінах беларус прамовіць “Малая купіна, а вялікі воз куляе”, і для чаго беларусам ПАВУК?

"КАХАНАЯ" 10.49
Сацыяльная меладрама, "Беларусьфільм", 1965 г.

Рэжысер: Рычард Віктараў. У ролях:: Аляксандра Назарава, Віталь Саломін, Ігар Дабралюбаў, Вячаслаў Броўкін, Святлана Дружыніна, Барыс Платонаў, Алена Максімава

Паводле рамана Мікалая Пагодзіна "Бурштынавыя каралі" (1960 г.).

Скончыўшы школу, Іра Ягорава хацела паступаць у інстытут, але знаёмства з маладым будаўніком Валодзем Левадавым прывяло яе на будоўлю. Яна становіцца маляром у брыгадзе Бляхіна. Увесь свой вольны час дзяўчына праводзіць з Валодзем. Іра радуецца першай зарплаце, але аказваецца, што частку яе трэба аддаваць Бляхіну. Дзяўчаты з брыгады, не ведаючы аб адносінах Іры і Валодзі, распавядаюць ёй, што Валодзя жыве ў доме брыгадзіра і ў яго блізкія адносіны з яго пляменніцай Соф'яй. Іра абвінавачвае Валодзю ў хлусні і прымае запрашэнне знаёмага тэлерэпарцера Росціка паехаць на яго дачу ...

“ВЯСКОВЫЯ КАНІКУЛЫ" 15.03
Лірычная кінанавэла, "Беларусьфільм", 1969 г.

Рэжысёр: Вячаслаў Жарыкаў. У ролях: Віця Махонін, Ірына Юрэвіч, Уладзімір Дарафееў, Сямён Марозаў

У вёску да бабулі на канікулы прыязджае з Масквы старшакласніца Таня. Яна знаёміцца з мясцовым хлопцам Лёшкам. Ён вучыць яе ездзіць на кані. Паміж маладымі людзьмі ўзнікае ўзаемнае пачуццё. Падчас адной з рамантычных падарожжаў, у навальніцу, Таня застуджаецца і захворвае. Напачатку восені Лёшка выпраўляе ачунялую Таню ў Маскву.

НЯДЗЕЛЯ, 28 ЛІПЕНЯ

“РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ". ЯК ПРАВІЛЬНА ПА-БЕЛАРУСКУ: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ? 8.28
Адукацыйная праграма, Беларусь, 2011 г.

Разам з вядучай праграмы Аленай Трацэнка вы даведаецеся, як правільна па-беларуску: ПОМНІЦЬ ці ПАМЯТАЦЬ, пры якіх абставінах беларус прамовіць “Вярзеш грушы на вярбе”, і што такое выцінанка.

"ШЛЯХЦІЧ ЗАВАЛЬНЯ, АБО БЕЛАРУСЬ У ФАНТАСТЫЧНЫХ АПАВЯДАННЯХ" 10.48
Легенда, "Беларусьфільм", 1994 г.

Рэжысёр: Віктар Тураў. У ролях: Уладзімір Гасцюхін, Барыс Няўзораў, Данатас Баніоніс, Аляксандр Цімошкін, Вольга Клебановіч, Алена Барзова

Мастацкі фільм паводле аднайменнага твора Яна Баршчэўскага.

Жыве ў Полацкім краі добры шляхціц Завальня. Сядзіба яго стаіць на скрыжаванні дарог, таму ў яго ў хаце заўсёды шмат гасцей. І ўсе ведаюць, што больш за ўсё пан Завальня любіць розныя фантастычныя гісторыі. Таму кожны госць імкнецца расказаць яму якую-небудзь небывальшчыну.

"ЗОРКА НА СПРАЖЦЫ" 14.08
Кінанавэла, "Беларусьфільм", 1962 г.

Рэжысёр: Віктар Тураў. У ролях: Георгій Жжонаў, Траадзій Дабратворскі, Дзмітрый Шустэнка, Міхаіл Чыстаў, Стэфанія Станюта

Па матывах аднайменнага апавядання беларускага пісьменніка Янкі Брыля.

З самай раніцы ў гарадскіх дварах чуюцца гукі ваеннага марша. Гэта - ваенны аркестр, і ён рыхтуецца да Кастрычніцкага параду. Хлопцам Юрку і Мішку вельмі хочацца паглядзець рэпетыцыю параду, але выходзіць адным за вароты ім забаронена. У гэты час да былога салдата, качагара Лапшы, прыходзіць яго аднапалчанін. Выпіўшы па чарцы, яны ўспамінаюць сваіх франтавых сяброў. Потым Лапша выходзіць на двор і, сеўшы на дзіцячую качалку, распавядае юнакам і дзяўчатам аб сваім ваенным мінулым. Хлопцы здзіўлены: аказваецца, дзядзька Лапша - герой. Трохі захмялелы стары салдат засынае, а хлопцы аберагаюць яго сон. А потым аднапалчанін качагара вядзе іх на плошчу, дзе яны з захапленнем глядзяць, як маршыруюць сувораўцы.

"Зорка на спражцы" - першая самастойная праца рэжысёра Віктара Турава - аднаго з сімвалаў беларускага кіно. За больш чым 35 гадоў творчага жыцця рэжысёр стварыў каля 20 фільмаў. У залаты фонд беларускага кінематографа ўвайшлі яго стужкі "Сыны ідуць у бой", "Людзі на балоце", "Час яе сыноў", "Я родам з дзяцінства".
-20%
-50%
-20%
-50%
-12%
-20%
-10%
-30%
-40%