реклама
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами


Марына МІТ,

Фото: Shannon Stapleton / Reuters
Фото: Shannon Stapleton / Reuters
Адзін з былых кіраўнікоў кінастудыі "Беларусьфільм" у свой час заявіў: не за гарамі той час, калі і беларускія кінематаграфісты створаць фільм, які абавязкова атрымае "Оскар". З тых часоў мінуў не адзін год, а "Оскарам" у нас так і не пахне... Чаму гэта так, разбіралася "Тут і цяпер".

Трэба мяняць прапіску?

Кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі таксама перакананы, што беларусы рана ці позна атрымаюць свой "Оскар".

"Мне здаецца, той кіраўнік "Беларусьфільма", які казаў пра "Оскар", разлічваў, што Лукашэнка стане прэзідэнтам ЗША і загадае адпаведнай камісіі ўзнагародзіць яго за ўклад у кінамастацтва, — смяецца Юрый Іосіфавіч. — Але, на жаль, гэтага не адбылося. І ўсё ж я думаю, што Беларусь можа атрымаць "Оскар". І гэта ўжо не жарт. У нас ёсць вельмі таленавітыя людзі, але, разумееце, талент і гвалт, на якім грунтуецца наша ўлада, несумяшчальныя. Таму цалкам магчыма, што ў найбліжэйшы час які-небудзь беларус і атрымае "Оскар", але паедзе атрымліваць гэтую статуэтку не з Беларусі, а, напрыклад, з Польшчы, куды некалькі гадоў назад з'ехаў з роднай краіны ў пошуках лепшай долі. У Польшчы, дарэчы, вельмі моцныя кінематаграфічныя традыцыі.

А тыя фільмы, якія ствараюцца толькі нашымі сіламі, гэта пакуль што больш аматарскае кіно. Чыноўнікі, якія сёння кіруюць кінамастацтвам, слаба ўяўляюць, якімі праблемамі жыве сучасны свет кіно, якімі катэгорыямі думаюць рэжысёры...".

"Сообразить" на траіх

Вядомы кінакрытык Ала Бабкова лічыць, што перш чым замахвацца на "Оскар", трэба шмат што змяніць у нашай кінематаграфічнай сістэме.

"Беларускаму кінематографу ўласціва тая ж кіраўнічая мадэль, што і ўсёй грамадска-палітычнай сістэме: усё павінна быць пад ідэалагічным кантролем, па разнарадцы і па загадзе, — лічыць Ала Пятроўна. — А кіно — гэта творчасць, свабоднае самавыражэнне мастака.

Дзяржаўныя структуры па-ранейшаму баяцца канкурэнцыі незалежнага і дзяржаўнага кінасектара. У нас вельмі тонкі пласт кінапрадзюсарства па-за "Беларусьфільмам". Таму пакуль не зменіцца агульная сітуацыя ў краіне, мы не будзем мець моцную нацыянальную кінематаграфію, хоць кінастудыя і носіць назву нацыянальнай (маю на ўвазе мастацкія фільмы, бо ў дакументалістыцы і анімацыі поспехі ёсць)".

У апошнія гады кінастудыя "Беларусьфільм" стала актыўна далучацца да арт-праектаў. Напрыклад, разам з эстонцамі і латышамі беларусы стварылі фільм "Адзінокі востраў"; зусім нядаўна на шматлікіх міжнародных кінафестывалях прагрымела карціна Сяргея Лазніцы "У тумане", паводле аповесці Васіля Быкава (гэта сумесны прадукт пяці краін, у тым ліку і Беларусі; наш унёсак складае прыкладна 5-6 адсоткаў). У гэтым годзе выйдзе фільм расійскага рэжысёра Канстанціна Лапушанскага "Роля" сумеснай вытворчасці Расіі, Фінляндыі і Беларусі.

"Гэта выдатная карціна пра грамадзянскую вайну, пра тое, каму больш балюча: тым, хто забіваў падчас чырвонага тэрору, або тым, хто пазбег яго, — распавядае Ала Пятроўна. — Вельмі добрая карціна. Яна, мабыць, будзе ісці пасля таго, як пабывае на кінафестывалях.

Я станоўча стаўлюся да такіх арт-праектаў, таму што лепш укладваць сродкі ў кіно прэстыжнае, аўтарытэтнае, чым марнаваць іх на ўсякае тэлевізійнае "мыла" нізкай якасці, якое ў нас пераважае. Важна і тое, што "Беларусьфільм" інтэгруецца ў міжнародны кінапрацэс, вучыцца на практыцы рабіць кінапрадукцыю.

А што да "Оскара"... Калі камусьці ўжо вельмі хочацца яго бачыць, то можна ў Лос-Анджэлесе набыць яго паменшаную сувенірную копію, якая каштуе 35 долараў, і атрымліваць асалоду. Ведаю, што некаторыя расійскія акцёры менавіта так задавальняюць свае амбіцыі".

Пра вайну ўжо надакучыла!

Драматург Андрэй Карэлін лічыць, што мы залішне захапіліся ваенным кіно і пры стварэнні фільмаў не прымаем міжнародныя стандарты.

"Напэўна, трэба, каб да кіравання асноўнай базай, дзе вырабляюцца беларускія фільмы, прыйшлі людзі, якія не аспрэчваюць нейкія галівудскія канструкцыі ў стварэнні сцэнарыя, як гэта робіць цяперашні кіраўнік, заяўляючы, што галівудская мадэль сцэнарыя нам не падыходзіць, — выказвае сваё меркаванне Андрэй Карэлін. — На сёння мы па-ранейшаму вынаходзім ровар: здымаем бясконцыя фільмы пра вайну, абсмоктваем адну і тую ж тэму — розныя варыяцыі пра "Золкі тут ціхія". Менавіта дысананс паміж прадукцыяй, вырабленай "Беларусьфільмам", і патрэбамі сучаснага гледача робяць нецікавай нашу прадукцыю не толькі для Галівуда, але і для звычайнага беларускага гледача.

Што тычыцца прафесіяналізму беларускіх артыстаў, то, працуючы ў кіно, магу сказаць, што ў нас вельмі прафесійныя кадры. І нават моладзь, якая здымаецца ў расійскіх праектах, часцяком дае фору расійскім акцёрам. Акадэмія мастацтваў рыхтуе спецыялістаў, якія, як мне здаецца, не саступаюць выпускнікам ГІТІСа і УДІКа...".

А ці ведаеце вы, што... 

Фільм, у стварэнні якога прымалі ўдзел беларусы, намініраваўся на "Оскар" у намінацыі "Лепшы кароткаметражны гульнявы фільм". Гэта карціна Хуаніты Уілсан "Дзверы" (The Door), сюжэт якой заснаваны на аповедзе Мікалая Калугіна, аднаго з герояў кнігі беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". Фільм пра тое, як бацькі хаваюць дачку, якая памерла ад радыяцыйнага апрамянення. У галоўнай ролі — вядомы артыст Ігар Сігаў. У сваіх інтэрв'ю Ігар не раз распавядаў пра тое, як пабываў на ўручэнні "Оскара" і нават прывёз сябрам пару "оскараўскіх" статуэтак (праўда, толькі сувенірных).

Тым часам 

Амерыканская акадэмія кінамастацтваў ужо завяршыла галасаванне за намінантаў прэстыжнай кінапрэміі. Усяго ў галасаванні бяруць удзел 5856 акадэмікаў, сярод іх рэжысёры Квенцін Таранціна, Сафія Копала, Роджэр Корман, музыкі Браян Адамс, Эдж з групы U2. Лаўрэаты "Оскара" вызначаюцца ў 24 катэгорыях.

Падлік галасоў правядзе міжнародная аўдытарска-кансалтынгавая фірма PricewaterhouseCoopers: аўдытары на працягу чатырох дзён будуць апрацоўваць запоўненыя акадэмікамі фармуляры. Уся працэдура традыцыйна праходзіць за закрытымі дзвярыма. Карткі з імёнамі пераможцаў будуць укладзены ў залацістыя канверты, якія распячатаюць падчас цырымоніі 24 лютага.

У гэтым годзе на сцэну для ўручэння ўзнагарод паднімуцца акцёры Майкл Дуглас, Джэніфер Эністан, Джэсіка Чэстэйн, Сальма Хаек, Джон Траволта, Ніколь Кідман, Холі Бэры, Рыз Уізерспун. Весці цырымонію будзе прадзюсар і рэжысёр Сэт Макфарлен.

У намінацыі "Лепшы фільм года" прадстаўлена 9 карцін: "Каханне", "Аперацыя" Арго", "Звяры дзікага Поўдня", "Джанга вызвалены", "Адрынутыя", "Жыццё Пі", "Лінкальн", "Мой хлопец — псіх", "Мэта нумар адзін".

Дарэчы

Тэлеканал АНТ будзе трансліраваць цырымонію ўручэння галоўнай штогадовай кінематаграфічнай прэміі свету "Оскар-2013" у панядзелак, 25 лютага, з 22.10.
-50%
-10%
-40%
-20%
-30%
-26%
-50%
-80%
-20%
-30%