Выберите канал

Выберите канал

Популярные
Кино
Спорт
Познавательные
Развлекательные
Детские
Музыка и мода
Новостные
Белорусcкие
Российские
Каналы МТИС
Каналы "Космос ТВ"
Каналы ZALA
Каналы "Телесеть"
Каналы "Аксиома-Сервис"
Каналы "НТВ Плюс"
Каналы "Триколор ТВ"

Подписки

Новости
Беларусь
За рубежом
Кино
Техника
Коммуникации
Спорт на ТВ
Спутниковые новости

Афиша Беларуси
Форумы по теме
реклама
реклама
реклама

Беларусь


Мяркую, ніхто са мной не будзе спрачацца - убачанае і пачутае напачатку нашага жыцця застаецца ў памяці назаўсёды.

Не ведаю, як вы, а я ў сваім ружовым дзяцінстве заўсёды засынала пад “Калыханку”: мяне не бянтэжылі ні прымітыўная графіка, ні пашарпаныя лялькі. Героям, якія расказвалі захапляючыя гісторыі з экрана, я верыла, як любімай маме. Што ўжо казаць пра ўладара думак пакалення 90-х, легендарнага Дзеда-Барадзеда! Дарэчы, дзе ён цяпер? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні я вырашыла атрымаць з першых вуснаў.

Героі нашага часу

Адна з першых лялек “Калыханкі” - сабачка Цява. Калі памятаеце, у кадры ён паяўляецца з мудрым састарэлым дзядулем. Цява, як і многія лялькі-доўгажыхары, дагэтуль захоўваецца ў рэквізітарскай Белтэлерадыёкампаніі. Тэлевізійная кар’ера ва ўсіх розная. Адны не пратрымаліся на тэлеэкране і двух гадоў, іншых, насупраць, паклоннікі не адпускалі на спакой дзесяцігоддзямі. Усё вырашаюць рэйтынгі і колькасць пісьмаў ад гледачоў.

У кожнага персанажа тут свая гісторыя: футравічка Вені, медзведзяняці Топы, парасяці Сені... Вобраз свінкі, дарэчы, у лялечнікаў атрымаўся крыху амерыканізаваны, таму ў пятачка паявілася шмат ворагаў. Бацькі закідалі рэдакцыю пісьмамі з просьбай надаць ляльцы больш традыцыйны выгляд і, галоўнае, — укараціць ёй надта доўгі, на іх думку, нос. Просьбу, як ні дзіўна, выканалі. А вось лялька Васілінка перажыла больш сур’ёзную “аперацыю”. Спачатку гэта быў хлопчык Бульбінка. Унісекс-рысы дазволілі без асаблівых праблем змяніць ляльцы пол. У вядучых “Калыханкі” таго перыяду быў проста ўнікальны сувядучы - робат-электронік. На сваім “блакітным” жываце ён паказваў дзецям мультфільмы, а таксама быў своеасаблівай машынай часу, мог перанесці Васілінку і Васілька ў любую эпоху і краіну. Адзін з найлюбімейшых герояў беларускай “баюкаўкі” Буслік настолькі палюбіўся публіцы, што голас актрысы, якая яго агучвала, дзеці пазнавалі ў грамадскім транспарце. Слава пра нашага Бусліка пайшла далёка, яго нават запрашалі ў іншыя краіны для сумесных тэлепраектаў. Старажыл дзіцячай рэдакцыі Алена Фурсава ўспамінае:

- Буслік у нас і ў фантане купаўся, і плоў еў з узбекскімі дзецьмі... Дзеці сапраўды любяць нашы персанажы і, што важна, вераць ім. Здымалі мы неяк праграму ў музеі прыроды, я тады агучвала зайчыка. Падышла я з лялькай да аднаго малыша і пачала задаваць пытанні. Вы не паверыце, дзіця бачыла мяне, бачыла, як я тузаю за вяровачкі, размаўляю, але звярталася да лялькі.

Хто яго выкраў?

Забаўную песеньку пра ўсенароднага любімца Дзеда-Барадзеда дагэтуль памятаюць на памяць, нягледзячы на тое, што персанаж гэты даўно “выйшаў на пенсію”. Дарэчы, тэлевізійнай кар’еры Барадзеда можна пазайздросціць: ён укладваў спаць беларускіх дзетак з 1985 года! Лялькаводы запэўніваюць, што Дзед быў вельмі капрызлівым і патрабаваў да сябе асаблівай увагі. Абслугоўвалі яго тры акцёры: адзін тузаў за ручкі, другі - за ножкі, а трэці кіраваў мімікай. На той час гэта было сапраўдным прарывам: “дзядулю” запісвалі на рыр-экране (спецыяльны аднатонны фон), затым накладвалі камп’ютэрную графіку.

- Яго больш любілі дарослыя, чым дзеці. Наўрад ці сённяшнім дзецям цікава, куды прапаў Дзед-Барадзед. Гэта цікавіць дарослых, якія тады былі дзецьмі, - расказвае кіраўнік аддзела падрыхоўкі тэлепраграм для дзяцей і юнацтва Алена Будрыцова.

Сакрэт папулярнасці Барадзеда просты, гавораць стваральнікі. Лялька была сапраўды аўтэнтычнай, беларускай: нос бульбінкай, менталітэт і светапогляд родныя і зразумелыя нашаму гледачу. Падобных персанажаў на расійскім экране не існавала, таму герой сапраўды атрымаўся непаўторны. На жаль, расплатай за высокія рэйтынгі стала старасць. У Дзеда ўваліўся нос, ён знасіўся і патрапаўся. Рэдактары схавалі тэлевізійнага мэтра ў рэквізітарскай і не паказвалі прыйшоўшым на экскурсію дзецям. Фіналу гэтай гісторыі пазайздросціў бы Маркес! - Дзед-Барадзед бясследна знік.

- Гэта дэтэктыўная гісторыя, пакрытая цемрай невядомасці, - расказвае нам Алена Фурсава. - Мянялася кіраўніцтва, праводзілася рэканструкцыя, многіх лялек спісалі і аддалі ў садкі і дзіцячыя дамы. Хто ведае, можа, небарака ажыў і сам вырашыў “абысці ўвесь белы свет”?

Сакрэт фірмы

Сёння “Калыханку” вядуць пяць герояў: Фея сноў (Алена Бікрэнева), Маляваныч (Аляксандр Ждановіч), лісічка Яна, медзведзяня Топа і Сплюшык, істота, якая з цяжкасцю паддаецца апісанню, падпольная мянушка якой - блакітная тваруга. Акцёр тэатра “Хрыстафор” Уладзімір Варанкоў іграе Топу ўжо шмат гадоў. На тэлебачанні з яго жартуюць: “У “Хрыстафоры” ты заўсёды сакратарка, а Топа - твая адзіная мужчынская роля”. А вось Сплюшнік, як гавораць на тэлекухні, вельмі падобны на актрысу Эмілію Пранскутэ. Менавіта яна сядзіць пад сталом на падушцы і рукой кіруе рухамі свайго персанажа. Праца гэта нялёгкая, хоць на прафесійныя хваробы лялькаводы не скардзяцца, прафесію сваю любяць. Дарэчы, гардэроб у лялек невялікі. Адзенне ім шыюць і вяжуць супрацоўнікі рэдакцыі або перадаюць удзячныя гледачы. З лялькамі трэба абыходзіцца вельмі акуратна. Фігуркі зроблены з пап’е-машэ і таму ў пральнай машыне ім “лазню” не наладзіш.

- Неяк уключаю “Калыханку”, - расказвае Алена Будрыцова, - а там Яна штосьці лапамі трымае, а яны чорныя! Я тэлефаную дзяўчатам: “Вы што, звар’яцелі? Хутчэй Яне лапы мыць!”.

Зрэшты, “калыханачныя” персанажы хутка зменяць сваё аблічча. Зараз спецыялісты працуюць над стварэннем прынцыпова новых лялек, якія змогуць не толькі адкрываць вочы і рот. Сапраўдныя міміруючыя істоты здольны на паказ цэлага спектра эмоцый! Так што душэўнасці і цеплыні ў любімай дзецьмі і дарослымі праграме стане яшчэ больш.

Рэйтынг папулярнасці герояў “Калыханкі”:

1. Дзед-Барадзед
2. Буслік
3. Маляваныч
4. Сеня
5. Топа

Екатерина ГАБЫШЕВА